Назва: | Post Office Protocol |
---|---|
Узровень (па мадэлі OSI): | Прыкладны |
POP (англ.: Post Office Protocol — «пратакол паштовага аддзялення») — гэта стандартны пратакол сувязі ў Інтэрнэце, які выкарыстоўваецца паштовымі кліентамі для атрымання электроннай пошты з паштовага сервера.[1] Версіі POP3 і IMAP4 з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі для атрымання электроннай пошты.
Паштовы кліент, які працуе па пратаколе POP, атрымоўвае доступ да «паштовай скрыні» (англ.: mailbox) на серверы праз злучэнне TCP/IP, сцягвае ўсе паведамленні, захоўвае іх на камп’ютары карыстальніка і, нарэшце, выдаляе іх з сервера. Такі падыход быў абумоўлены патрэбамі карыстальнікаў з абмежаваным падключэннем да Інтэрнэту, напрыклад з камутаваным доступам (англ.: dial up access), і дазваляе атрымліваць паведамленні пры падключэнні, а потым ужо праглядаць іх ў аўтаномным рэжыме.
Паштовыя кліенты з POP3 маюць магчымасць пакідаць пошту на серверы пасля атрымання і ў гэтым рэжыме будуць сцягваць толькі новыя паведамленні. У адрозненне ад POP3, пратакол IMAP пакідае усе паведамленні на серверы, каб дазволіць карыстальніку мець некалькі кліенцкіх праграм.
Сервер POP3 атрымоўвае запыты праз порт нумар 110. Зашыфраваная сувязь для POP3 падтрымліваецца з дапамогай TLS або SSL праз порт TCP нумар 995.