«Quake» (/kweɪk/, з англ. — «дрыжыкі») — камп’ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы*, распрацаваная «id Software» і выпушчаная 22 ліпеня 1996 года (поўная версія).
Перад афіцыйным выпускам поўнай версіі гульні, а менавіта 24 лютага 1996 года была выпушчана тэхналагічная дэмаверсія гульні пад назвай «QTest». У ёй не было падтрымкі адзіночнага рэжыму гульні, і частка геймплэя была яшчэ не дапрацаваная, аднак, дзякуючы прысутнасці ў гульні падтрымкі мультыплэера, літаральна за суткі ў свеце з’явіліся дзясяткі сервераў для анлайн-гульні . Затым, 22 чэрвеня 1996 года была выпушчана shareware -версія гульні, якая ўключала ў сябе толькі першы эпізод, і даступная для спампоўкі з афіцыйнага сайта «id Software».
Гульня здзейсніла прарыў у 3D тэхналогіях, выкарыстоўваючы тэкстураваныя паліганальныя мадэлі персанажаў замест спрайтаў , а таксама цалкам трохмерную BSP-карту замест двухмернай з інфармацыяй аб вышыні (як было ў «Doom»), тым самым рэалізуючы цалкам трохмерны свет.
Большую частку рухавічка «Quake» напісаў Джон Кармак . Гульня таксама вядомая сваім саўндтрэкам, які напісаў Трэнт Рэзнар з «Nine inch nails». Quake з’яўляецца родапачынальнікам адной з самых паспяховых гульнявых серый: у суме было прададзена больш за 4 мільёны копій «Quake», «Quake II » і «Quake III Arena». У канцы 2005 года выйшаў працяг серыі — «Quake 4 », які з’яўляецца сюжэтным працягам «Quake 2».
Са з’яўленнем першага «Quake» зарадзілася паняцце «кіберспорт », узнікла шырокая супольнасць, сталі праводзіцца буйныя чэмпіянаты, а таксама ўзнікла паняцце трыкінг у дачыненні да камп’ютарных гульняў: прымяненне некаторых багаў гульні ў руху персанажа для дасягнення звышмагчымасцяў прафесійнымі гульцамі, спецыяльна адрэгуляванае ў прафесійных мадыфікацыях (гл. CPM і DeFRaG ).