Назва: | User Datagram Protocol |
---|---|
Узровень (па мадэлі OSI): | Транспартны |
UDP (англ.: User Datagram Protocol — «пратакол датаграм карыстальніка») — адзін з асноўных сеткавых пратаколаў, выкарыстоўваецца для адпраўкі паведамленняў на іншыя вузлы ў сетцы, звязанай па пратаколе IP. Адносіцца да транспартнага ўзроўню стэка TCP/IP.
Пратакол UDP не патрабуе папярэдніх запытаў для ўсталявання канала сувязі. Ён мае патрэбны мінімум механізмаў вырашэння праблем: напрыклад, ён правярае кантрольныя сумы для гарантыі цэласнасці даных. Аднак гэты пратакол не прадастаўляе ніякай гарантыі дастаўкі, упарадкаванасці або адсутнасці дуплікацыі пакетаў. Калі патрэбныя сродкі выпраўлення памылак, праграма можа выкарыстоўваць замест UDP пратаколы TCP або SCTP, якія лепш падыходзяць для гэтай мэты.
UDP падыходзіць для сітуацый, калі праверка даных і выпраўленне памылак не патрэбныя або выконваюцца непасрэдна ў праграме. Напрыклад, анлайн-гульні або стрымінг відэа ў рэальным часе не патрабуюць гарантыі дастаўкі пакетаў, бо пропуск некалькіх пакетаў не мае значнага ўплыву для карыстальніка, а адпраўка даных зноў ужо не патрэбная.
Пратакол быў распрацаваны Дэвідам Рыдам у 1980 годзе і афіцыйна апісаны ў RFC 768.